Суд Кастрычніцкага раёна Віцебска ўключыў партал «Народныя Навіны Віцебска» ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Рашэнне было прынятае на падставе заявы пракуратуры.
«Народныя навіны Віцебска» — адзін з найстарэйшых недзяржаўных медыярэсурсаў рэгіёна, ён існуе з 2008 года. Заснавальнікам і нязменным рэдактарам інтэрнэт-выдання з’яўляецца фатограф Сяржук Серабро. Сайт часта інфармаваў пра дзяржзакупкі для органаў улады, рэгулярна публікаваліся звесткі пра грамадскія і культурніцкія падзеі.
Пасля 2020 года рэдакцыя цалкам адышла ад палітычнай і вострай сацыяльнай праблематыкі — на сайце публікаваліся хіба толькі навіны пра штодзённыя падзеі і надзвычайныя здарэнні. Прызнанне «Народных навін Віцебска» экстрэмісцкімі — частка агульнай стратэгіі. Спачатку СМІ прызнаюцца «экстрэмісцкімі», а пасля блакуюцца на тэрыторыі Беларусі. Гэта стварае прававую аснову для пераследу адміністратараў, журналістаў і падпісчыкаў. Такая практыка аказвае сур’ёзны ціск на свабоду слова. Журналісты і актывісты вымушаныя самацэнзуравацца або закрываць свае праекты, каб пазбегнуць крымінальнага пераследу.
Так, адміністратар папулярнай Facebook-групы «Навіны Віцебска» Таццяна Мацвеева абвясціла аб часовым закрыцці пабліка на месяц. Група, якая сабрала больш за 25 тысяч падпісчыкаў, была найбуйнейшай рэгіянальнай супольнасцю ў Віцебску, дзе абмяркоўваліся гарадскія навіны, культура, гісторыя і падзеі. Паблік таксама актыўна асвятляў гарадскія падзеі, публікаваў рэпартажы, агляды новых мясцін і анонсы культурных мерапрыемстваў. Сітуацыя з закрыццём групы — яшчэ адзін прыклад таго, як улады абмяжоўваюць доступ да інфармацыі. У выпадку з «Навінамі Віцебска» адміністратар групы палічыў за лепшае прыпыніць працу, каб абараніць сябе і падпісчыкаў ад магчымых рэпрэсій.
Для Беларускай службы Польскага радыё Святаслаў Бруйко, Віцебск